ТО́НКАЙ СТРУКТУ́РЫ ПАСТАЯ́ННАЯ,
безразмерная фіз. велічыня, што характарызуе эл.-магн. ўзаемадзеянне элементарных часціц; адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Вызначаецца формулай: a = e2/(ħc) ≈ 1/137, дзе e — зарад элементарны, ħ = h/(2π), h — Планка пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Паводле найб. дакладных вымярэнняў α−1 = 137,0359895(61). Вызначае тонкую структуру ўзроўняў энергіі атама (велічыня расшчаплення прапарцыянальная α2), з чым звязана назва самой канстанты.
т. 15, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)